ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)